Расійская Федэрацыя

Бацькі Алены Драпкінай

Пра гэты фотаздымак

Мой тата, Левін Ошэр Гіршавіч, нарадзіўся ў Мінску ў 1891 годзе. Яго калегі называлі яго Оскар Рыгоравіч; ён працаваў настаўнікам яўрэйскай і рускай моў, а потым (калі я была ў восьмым ці дзевятым класе) стаў працаваць бухгалтарам.
У яго заўсёды было слабое здароўе: у яго былі праблемы са зрокам, і ён увесь час насіў акуляры. Мы страцілі тату ў Мінскім гета, у 1941 годзе.
Мая мама нарадзілася ў Мінску ў 1895 годзе, і яе жыццё скончылася ў Мінскім гета 20 лістапада 1941 года. Яе дзявочае прозвішча – Хаютоўская. Яе яўрэйскае імя было Гінда Эльеўна, але ўсе яе клікалі Яўгенія Ільінічна.
Мама скончыла гімназію ў Мінску, і працавала ў Мінскім гарвыканкаме. Верагодна, тата не мог адзін утрымліваць нашу сям’ю, таму мама вымушана была працаваць.
Тата выпісваў газету “Рабочы”, мне – дзіцячы часопіс «Мурзилка», газету «Пионерская правда», «Московскую правду» і мясцовую беларускую газету.
Мама з татам гаварылі на ідышы паміж сабой, а мы (дзеці) разумелі іх, але яны не вучылі нас пісаць і чытаць на мове ідыш.
Я не ведаю, як пазнаёміліся мае бацькі, як праходзіла іх вяселле, але, думаю, усё было згодна з яўрэйскімі традыцыямі, так як дзядуля быў вельмі рэлігійны чалавек.
У нашай сям’і было трое дзяцей: старэйшы брат Гірш, названы ў гонар дзядулі з боку бацькі. Гірш нарадзіўся ў 1920 годзе.
Затым я, Алена (1924 года нараджэння), і мой малодшы брацік Саўл, 1929 года нараджэння. Саўла мы страцілі 20 лістапада 1941 году ў Мінскім гета, разам з мамай.
У бацькі было шмат кніг: я памятаю кнігі Чарнышэўскага і Герцэна. Мама чытала менш, так як яна працавала: у яе не было памочнікаў, а ёй трэба было прыбрацца ў доме, прыгатаваць ежу. З працы яна прыходзіла позна ўвечары, але тата ёй вельмі дапамагаў.
Памятаю такі выпадак: мама неяк прыйшла з працы і прылегла адпачыць, а тата прыйшоў і пацалаваў яе на вачах у нас, дзяцей (думаю, гэта быў такі выхаваўчы момант: тата хацеў паказаць дзецям прыклад правільных адносін паміж членамі сям’і).
Тата шмат чытаў, шмат ведаў; увогуле, гуляў ролю “першай скрыпкі» ў нашай сям’і. У раённую бібліятэку мы не хадзілі: у кожнай школе была ўласная бібліятэка, дзе мы бралі кнігі для чытання.
У нашай сям’і не выконвалі яўрэйскія традыцыі, але на Песах да нас прыходзіў дзядуля, прыносіў мацу, вельмі смачнае віно і прасіў нас ўсіх яго паспрабаваць.
Мае бацькі не былі ў партыі. Я нічога не ведаю пра іх палітычныя погляды, бо на гэтую тэму нельга было гаварыць.
У таты, верагодна, быў «белы білет» [«белобилетником» называлі чалавека, вызваленага ад абавязковай ваеннай службы па стане здароўя]. У яго з дзяцінства былі праблемы са зрокам, і ён увесь час насіў акуляры.
Мае бацькі ў сінагогу не хадзілі: яны былі вымушаныя шмат працаваць, і ў іх не было часу на зносіны, так як ім трэба было займацца выхаваннем траіх дзяцей. Памятаю, аднойчы бацькі пайшлі ў тэатр, а мы з братам засталіся дома.
Замкоў тады не было, я зачыніла дзверы на засаўку і мы заснулі. Мы не чулі, калі бацькі вярнуліся з тэатра, не чулі, як яны грукалі ў дзверы.
Папа прынёс лесвіцу, узняўся наверх і праз фортку на другім паверсе трапіў у дом.
Я не памятаю, каб мае бацькі ездзілі куды-небудзь на адпачынак. Я ж … Я праводзіла летнія канікулы ў піянерскіх лагерах, а малодшы брацік ездзіў на дачу з дзецьмі з дзіцячага садка, у які ён хадзіў. Мама ўвесь час працавала, таму я часта наведвала браціка ў дзіцячым садзе.
У таты было два браты. Малодшага клікалі дзядзька Толя, а імя старэйшага я не памятаю. Старэйшы брат быў правізар, працаваў у аптэцы. У малодшага брата была жонка і сын Міша Левін (я не памятаю, кім ён працаваў).
Жонкай дзядзькі Толі была цётка Рахіль (яна скончыла гімназію разам з маёй мамай). Яны ўсе жылі ў Мінску. Падчас вайны, у гета, усе тры браты жылі разам з сем’ямі ў адным 14-мятровым пакоі.

Прачытайце біяграфію

Пра гэты фотаздымак

Год, калі быў зроблены фотаздымак:1920
Месца, дзе быў зроблены фотаздымак:Мінск
Назва краіны падчас стварэння фотаздымка:СССР
Назва краіны ў цяперашні час:Беларусь

Дадатковая інфармацыя