На здымку – я, Фрыдрых Фалевіч, і мая жонка Дора Фалевіч. Я дэмабілізаваўся і вучыўся ў тэхнікуме ў Мінску.
Я прыехаў дадому ў адпачынак, і мы сфатаграфаваліся. Мы зрабілі дзве копіі фатаграфіі: адна засталася ў Доры, другую я ўзяў з сабой у Мінск. Гэтая фатаграфія была зроблена ў Слуцку ў 1960 годзе.
Пасля заканчэння школы, я паступіў у Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум. Я адвучыўся там год, пасля чаго мяне прызвалі ў армію. Я змог працягнуць вучобу пасля абавязковай службы ў войску.
Я служыў ва Узбекістане, на савецка-аўганскай мяжы ў Тэрмезе. Я добра служыў у войску. Усё было добра. Я быў памочнікам камандзіра ўзвода.
Нас было 30 чалавек ва ўзводзе. Я займаўся спортам у войску: бегам на кароткую дыстанцыю, футболам і гандболам. Старэйшыя па званні падтрымлівалі мяне. Падчас службы я не сутыкаўся са скаргамі на антысемітызм і з праявамі антысемітызму.
Я ўступіў у партыю ў 1955 годзе і пайшоў вучыцца ў вячэрнюю партшколу. Мяне выбралі ў склад парткама палка. У мяне не было прычынаў для скаргаў. Усё было добра.
Я б усім пажадаў такую спакойную службу ў войску, як у мяне. Адзінай праблемай быў клімат. Тэрмез быў вядомы як самая гарачая кропка ў СССР.
Жудасная летняя спякота пераносілася цяжка. Толькі гэта і засмучала ў той час.
У 1956 годзе мне далі месячны адпачынак, і я паехаў у Слуцк. Падчас адпачынку я ажаніўся, і калі я вярнуўся ў частку, я ўжо быў жанатым мужчынам.
З Дорай Ліфшыц, маёй жонкай, мы былі знаёмыя яшчэ са школы. Мы вучыліся ў адным класе і сябравалі. Дора была яўрэйка і таксама была родам са Слуцка.
Бацька Доры, Барыс Ліфшыц, быў натарыусам у Слуцку, а яе мама, Хана Ліфшыц, – бухгалтарам зернянарыхтоўчай арганізацыі «Заготзерно».
Старэйшая сястра Доры Галіна нарадзілася ў 1927 годзе, Дора – у 1933. У час вайны сям’я Доры была ў эвакуацыі ў Казахстане. Пасля вайны яны вярнуліся ў Слуцк.
Скончыўшы школу, Дора таксама паступіла ў Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум. Падчас маёй службы ў войску, мы з Дорай перапісваліся і высылалі адзін аднаму фатаграфіі.
Калі я прыйшоў у адпачынак, мы зарэгістравалі шлюб у аддзеле ЗАГС і арганізавалі сціплую святочную вячэру для блізкіх. Месяц адпачынку праляцеў хутка, і я вярнуўся ў вайсковую частку.
Я вярнуўся з войска ў 1957 годзе, працаваў да пачатку акадэмічнага года, а ў 1958 годзе аднавіў вучобу ў тэхнікуме. Дора скончыла тэхнікум раней за мяне.
Яна вярнулася ў Слуцк. Працавала бухгалтарам. Наш старэйшы сын Барыс нарадзіўся ў 1958 годзе. Слуцк знаходзіцца недалёка ад Мінска, і я прыязджаў да сям’і на выходныя. Я скончыў тэхнікум у 1961 годзе.
Памяць – адукацыйная праграма Centropa па гісторыі яўрэяў ХХ стагоддзя ў Беларусі і Расіі.
Ⓒ 2020 Centropa — Усе правы абаронены
Юрыдычная інфармацыя — Палітыка прыватнасці
Cookie Settings.