Беларусь, Расійская Федэрацыя

Другі муж Алены Драпкінай

Пра гэты фотаздымак

Гэты здымак быў зроблены ў 60-ыя гады XX стагоддзя ў Леніградзе. На ім – мой другі муж Лейб Свердлін.
У 1959 годзе я пазнаёмілася з Лейбам Беравічам Свердліным. Да таго часу ў яго памерла жонка, і ён застаўся адзін з двума сынамі: Вадзімам (1934 года нараджэння) і Сашам (1944 года нараджэння). Па спецыяльнасці ён быў будаўніком.
Бацька другога мужа быў рабінам у Полацку, у Беларусі, дзе і нарадзіўся мой муж.
Пазнаёміліся мы ў кватэры маёй сяброўкі Эці Гордман. Яна жыла ў камунальнай кватэры разам з сястрой майго другога мужа. У студзені 1960 года мы пажаніліся. Вясельнай цырымоніі ў нас не было.
Нас было пяцёра: я, мой муж і тры сыны. Да таго часу Вадзім быў ужо жанаты. Ён пераехаў у мой пакой, а я з сынам – да мужа, але Вадзім шмат часу праводзіў у нас.
Малодшы сын мужа Аляксандр і мой сын (таксама Аляксандр) адразу пасябравалі, і ўсе святы праводзілі разам. Яны і зараз сябруюць.
Старэйшы сын мужа Вадзім скончыў Ленінградскі інстытут чыгуначнага транспарту (будаўнічы факультэт) і працаваў будаўніком. На жаль, ён памёр гадоў 7-8 таму.
Малодшы сын мужа Аляксандр таксама скончыў Ленінградскі інстытут чыгуначнага транспарту (механічны факультэт) і шмат гадоў прапрацаваў інжынерам на заводзе імя Кірава.
Мой сын Аляксандр вучыўся ў Вышэйшым ваенным вучылішчы сувязі імя Папова, а потым перайшоў на факультэт Інстытута сувязі імя Бонч-Бруевіча, які і скончыў. Цяпер ён – бізнесмен.
У нашых сыноў ёсць сем’і, дзеці, а ў мяне – ўнукі. У старэйшага Аляксандра – яўрэйская сям’я. Мой унук нарадзіўся ў 1975 годзе.
У майго сына ёсць дачка. Яна таксама нарадзілася ў 1975 годзе. Цяпер яна жыве ў ЗША са сваёй мамай і дзядулем; яна не замужам. Яны ўжо 20 гадоў жывуць у ЗША (у Каліфорніі).
Унучку я бачу вельмі рэдка, калі яна прыязджае ў Расею. Мой сын ажаніўся другі раз; ён выхоўвае сына другой жонкі.
З другім мужам мы пражылі 28 гадоў. У 70 гадоў ён яшчэ працягваў працаваць… Ён памёр ў 1988 годзе ад інсульту.
Калі я пайшла на пенсію, мы пераехалі ў іншы раён (у кватэру, дзе я жыву цяпер). Калі выйшла на пенсію, я працягвала працаваць у дзіцячай стаматалагічнай паліклініцы і на стаматалагічных аглядах ў школах і дзіцячых садках.
У шлюбе з другім мужам мы заўсёды адзначалі Песах, не забывалі Ём Кіпур. У доме была маца, фаршыраваная рыба, курыца. Вядома, мы не строга прытрымліваліся яўрэйскіх традыцый, але стараліся неяк адзначаць святы.

Прачытайце біяграфію

Пра гэты фотаздымак

Год, калі быў зроблены фотаздымак:1960s
Месца, дзе быў зроблены фотаздымак:Ленінград
Назва краіны падчас стварэння фотаздымка:CCCP
Назва краіны ў цяперашні час:Расійская Федэрацыя

Дадатковая інфармацыя