На гэтым фотаздымку – група студэнтаў Ленінградскай зубалячэбнай школы.
Фотаздымак зроблены ў 1948 годзе; я на ім – сярод студэнтаў у першым шэрагу (другая злева).
Сястра маёй мамы цётка Маня (нават больш, чым сястра: блізнюк маёй мамы) жыла з сям’ёй у Ленінградзе і выжыла ў блакадзе. Я пераехала ў Ленінград і паступіла ў зубалячэбную школу. Было гэта ў 1945 годзе.
Нашым класным кіраўніком быў Якаў Мельцэрзон; ён вельмі добра выкладаў фізіку. Усе вучні ведалі фізіку ў дасканаласці: у яго немагчыма было не ведаць. Калі было неабходна, Мельцэрзон займаўся дадаткова з тымі, хто адставаў.
Калі пасля вайны я прыехала ў Ленінград, мне трэба было здаць усяго два экзамены для паступлення ў зубалячэбную школу (я ішла па-за конкурсам як удзельнік вайны): рускую мову і фізіку.
Нягледзячы на чатыры гады вайны, я паспяхова здала экзамены, пры гэтым на падрыхтоўку ў мяне быў усяго адзін месяц. Думаю, я павінна быць за гэта ўдзячная Мельцэрзону.
Нядаўна я чытала біяграфію апошняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі (Віталя Гінзбурга, фізіка), дзе ён піша, што да вайны ён вучыўся ў школе ў Мінску, а любоў да фізікі яму прывіў Мельцэрзон. Так што я вельмі ганаруся тым, што мяне і лаўрэата Нобелеўскай прэміі вучыў фізіцы адзін і той жа настаўнік.
А ў 1946 годзе я вышла замуж.
Мой муж, Драпкін Вульф Якаўлевіч, нарадзіўся ў 1921 годзе ў Гарадку (тэрыторыя сучаснай Беларусі). Ва ўзросце двух месяцаў бацькі прывезлі яго ў Ленінград; школу ён скончыў таксама ў Ленінградзе. Яго маці была хатняй гаспадыняй, не працавала, а бацька быў дырэктарам вялікай крамы на Лігаўскім праспекце.
Усю блакаду ён знаходзіўся ў Ленінградзе, а сям’я была ў эвакуацыі. У мужа былі яшчэ брат і дзве сястры. Перад вайной ён скончыў ваеннае вучылішча сувязі, атрымаў прызначэнне на Далёкі Ўсход і вайну сустрэў у цягніку, калі ехаў па прызначэнні.
Падчас вайны ён служыў у Іране, у Сярэдняй Азіі. Там ён перахварэў на брушны тыф і малярыю, і падарваў сваё здароўе. У 1945 годзе ён прыехаў у Ленінград і паступіў у Ваенную акадэмію радыёэлектронікі ім. Будзённага.
У 1946 годзе мы пазнаёміліся ў доме маёй цёткі, куды мой будучы муж прыйшоў па справах. І ён, і я скончылі першы курс, і ўлетку пажаніліся.
Гэта было 9 жніўня 1946 года. Мая будучая свякроў была вельмі набожным чалавекам, і сказала, што яна прызнае толькі хупу. Ведаеце, хупа у той час была раўназначная самагубству, так як мой муж быў сябрам партыі.
Мы баяліся, але, тым не менш, ён пайшоў на гэтую рызыку. Я не пярэчыла, бо гэта было жаданне свякрухі. Быў выходны дзень, сваякі паехалі кудысьці ў Сястрарэцк або Зяленагорск і прывезлі рабіна.
Адкрылі малую сінагогу, і там у нас была хупа. Так што вяселле прайшло і па яўрэйскай традыцыі, і па савецкіх правілах (зразумела, мы зарэгістравалі наш шлюб і ў ЗАГСе).
9 мая (у Дзень Перамогі) 1947 года я нарадзіла сына. Мой сын Аляксандр Драпкин нарадзіўся моцным, здаровым хлопчыкам.
27 чэрвеня 1949 года мой муж раптоўна памёр. Гэта адбылося ў трамваі. Ён сказаў пасажырам, што яму дрэнна, і ўсё.
Жылі мы разам з яго бацькамі яшчэ 3 гады. Яго бацькі страцілі дваіх сыноў (Барыс быў забіты падчас вайны, а мой муж памёр пасля вайны).
У 1948 годзе я скончыла вучобу.
Памяць – адукацыйная праграма Centropa па гісторыі яўрэяў ХХ стагоддзя ў Беларусі і Расіі.
Ⓒ 2020 Centropa — Усе правы абаронены
Юрыдычная інфармацыя — Палітыка прыватнасці
Cookie Settings.