Беларусь, Расійская Федэрацыя

Алена Драпкіна

Пра гэты фотаздымак

Гэты здымак зроблены ў Мінску ў 1940 годзе: я была тады школьніцай. У 1941 годзе (непасрэдна перад вайной) я скончыла 9 класаў.

У нашай сям’і было трое дзяцей: старэйшы брат Гірш, названы ў гонар дзядулі з боку бацькі.
Гірш нарадзіўся ў 1920 годзе. Затым я, Алена (1924 года нараджэння), і мой малодшы брацік Саўл, 1929 года нараджэння. Саўла мы страцілі 20 лістапада 1941 года ў Мінскім гета, разам з мамай.
Я хадзіла ў дзіцячы сад, потым пайшла ў 34-ую школу, а неўзабаве нас перавялі ў 21-ю Сталінскую школу. Мой старэйшы брат Гірш вучыўся ў школе, і ў яго было хобі: ён любіў танцаваць, і мала бываў дома.

А я з малодшым брацікам Саўлам заставалася дома; памятаю, як мы будавалі паравоз з крэслаў. Я ўвесь час праводзіла з малодшым брацікам, так як бацькі былі занятыя працай.
У нас былі вельмі добрыя выкладчыкі ў школе. Выкладанне ішло на своеасаблівай сумесі моў: слова на рускай, слова на беларускай.
Геаграфію ў нас выкладаў узбек, а рускую мову – грузінка. Гісторыю выкладала пара Рубінчыкаў: часам выкладаў ён, часам яна; на іх занятках заўсёды было вельмі цікава.
Нашым класным кіраўніком быў Якаў Мельцэрзон; ён вельмі добра выкладаў фізіку. Усе вучні ведалі фізіку дасканала: у яго немагчыма было не ведаць. Калі было неабходна, Мельцэрзон займаўся дадаткова з тымі, хто адставаў.

Калі пасля вайны я прыехала ў Ленінград, мне трэба было здаць усяго два экзамены для паступлення ў зубалячэбную школу (я ішла па-за конкурсам як удзельнік вайны): рускую мову і фізіку. Нягледзячы на чатыры гады вайны, я паспяхова здала экзамены, пры гэтым на падрыхтоўку ў мяне быў усяго адзін месяц. Думаю, я павінна быць за гэта ўдзячная Мельцэрзону.
Нядаўна я чытала біяграфію апошняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі (Віталя Гінзбурга, фізіка), дзе ён піша, што да вайны ён вучыўся ў школе ў Мінску, а любоў да фізікі яму прывіў Мельцэрзон. Так што я вельмі ганаруся тым, што мяне і лаўрэата Нобелеўскай прэміі вучыў фізіцы адзін і той жа настаўнік.

Мае браты і я вучыліся ў школе. Перад вайной я скончыла дзевяты клас. Памятаю, калі я вучылася ў трэцім класе, я займалася на дзіцячай тэхнічнай станцыі, дзе мы спрабавалі вырошчваць бавоўну.
Бавоўна ў мяне вырасла вялікая, але не саспела: ёй не хапала сонечнага цяпла. У Доме ўрада была выстава, дзе была прадстаўлена і мая бавоўна.
Мы жылі ля ракі, і ў 12 гадоў я ўжо добра плавала. Усе дзеці павінны былі здаваць нарматывы для юных спартсменаў на атрыманне значка БГТО ( «Будзь гатовы да працы і абароны»).

На спаборніцтвах мяне заўважыў трэнер і запрасіў у сваю спартыўную групу. Я пагадзілася. У Мінску ў тыя часы быў усяго адзін басейн – у Доме Чырвонай Арміі; я пачала займацца там плаваннем (стылем брас) у гарадскім спартыўным таварыстве.
У мяне было некалькі рэкордаў Беларусі ў гэтым разрадзе, а таксама 6-ае месца па Саюзе ў разрадзе дзяўчынак майго ўзросту (12-14 гадоў).
Я ўдзельнічала ва ўсесаюзных спаборніцтвах пяці гарадоў у Кіеве і ва ўсесаюзных спаборніцтвах у Тбілісі. Дзеці прыязджалі туды з усіх рэспублік. Было гэта ў 1939 годзе.
Адначасова я займалася ў Палацы піянераў у драматычным гуртку; там я пазнаёмілася з Машай Брускінай.

Такім было маё дзяцінства; яно не было цяжкім.

Прачытайце біяграфію

Пра гэты фотаздымак

Год, калі быў зроблены фотаздымак:1940
Месца, дзе быў зроблены фотаздымак:Мінск
Назва краіны падчас стварэння фотаздымка:CCCP
Назва краіны ў цяперашні час:Беларусь

Дадатковая інфармацыя